13.12.2021

Магічны сэнс паясоў-абярэгаў. Даведаліся, хто і чаму адраджае ў Шчучыне старадаўнія рамёствы


– Мне падабаецца асвойваць і адмыслова рабіць тое, што мала хто ўмее, – і жартам і ўсур’ёз гаворыць Таццяна Лебядзевіч, метадыст-майстар аддзела рамеснай дзейнасці і народнага мастацтва Шчучынскага РЦКіНТ. – Апошнім часам надзвычай захапіла такое старажытнае мастацтва, як пляценне беларускіх паясоў – без кроснаў, можна сказаць, голымі рукамі. Нацягваю ніці і пачаргова перакідваю іх з пальца на палец – атрымліваецца прыгожы ўзор і арыгінальнае пляценне. Асаблівую ўвагу надаю арнаменту і гарманічнаму спалучэнню колераў. Паступова авалодваю і іншымі тэхнікамі: ткаць на бёрдачку, на шэсць дошчачак і нават на 24! Ад гэтага залежыць шырыня вырабу.